Аляксандар Пушкін
Да
***
(Керн)
Я помню дзіўнае імгненне
Я помню дзіўнае імгненне:
Перада мной паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
Праз боль і смутак невымоўны
За безразважнай мітуснёй
Мне чуўся голас твой чароўны
І мілы воблік сніўся твой.
Гады міналі. Шквал бунтоўны
Развеяў мар даўнейшых рой,
Забыў я голас твой чароўны,
Забыў я твар нябесны твой.
Ў глушы, у змроку зневальнення
Самотна дні мае плылі
Без захаплення, без натхнення
Без слёз, жыцця і без любві.
Душа зазнала абуджэнне:
І вось ізноў паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
І сэрца ў радасным імкненні,
І для яго ўваскрэслі зноў
І захапленне, і натхненне,
Жыццё, і слёзы, і любоў.
1825
(Пераклад: Максім Лужанін)
...
|
|
|
|
|
|