Рыгор Барадулін
Замест уступу
(кніга «Здубавецьця»)
А вушацкія ведалі смак
У вусім,
Бо жыцьцё любілі.
Слова,
Як на Вялічка мацак,
Правяралі на зуб Зубілі.
Рэчы ўсе называлі так,
Як назвацца хацелі рэчы.
Кожны быў
Так кахаць мастак,
Каб на печы
Ня зяблі плечы.
Мерзьлі ногі ад сала,
Каб
Разьлятаўся на трэскі ложак.
І ня толькі словам да скаб
Праціналі.
Быў жарт, як вожык.
Спосабам,
Што шукаў іх сам,
Праганялі далей хваробы,
І бяз спонсараў,
Бяз рэклам
Страт ня мелі
Майстры-дзецяробы:
Дзяўчаты, дзяўчаты,
Ці ўсе вы пачаты,
Каторая не,
Падыходзь да мяне!
З тых,
Хто звык хадзіць нацянькі,
Кпяць спрадвеку жанкі й дзядзькі,
Разгаўляюцца словам скаромным
І ня лічаць яго бессаромным.
На паліцах навукі здаўна
Ня прыстала пыліцца ўзорам.
Хай завецца фалічным фальклорам
Сьмех здаровы,
Шурпатасьць радна.
Ведай, мудры чытач,
Ні фалічным,
Ні палічным з паліцаў
Ня лічым
Наш запал.
Як няма самагонкі,
Пі здароў, пі з даёнкі.
Да дна!
У кнізе захоўваецца аўтарскі правапіс
...
|
|
|
|
|
|