Аляксандар Пушкін
Анчар*
Дзе след жыцця ў пустыні знік,
На грунце бедным, абмярцвелым,
Анчар, як грозны вартаўнік,
Стаіць — адзін на свеце цэлым.
Прырода высахлых пяскоў
Яго ў дзень гнева нарадзіла
І ад карэння да лістоў
Густой атрутай напаіла.
Дыхнуць паўдзённыя вятры —
Атрута капае расіцай,
Пад вечар стыне на кары
Густой, празрыстаю жывіцай.
К яму і птушка не ляціць
А толькі вецер мімалётны
На дрэва смерці набяжыць —
І прэч імчыцца, ўжо смяротны.
Калі ж над спёкаю пяскоў,
Зблукаўшы, воблака запрача,
Атрутны дождж з яго лістоў
Сплывае на пясок гарачы.
Ды чалавека цар паслаў
Да дрэва смерці і пакуты;
І той пайшоў, ледзь змрок апаў,
І раніцай прынёс атруты.
Ён згубную смалу прынёс,
Галіну з вялымі лістаме,
І пот гарчэй ад горкіх слёз
Сцякаў халоднымі цуркамі;
Прынёс — і аслабелы лёг
Пад засень будана нябога
І ў той жа міг сканаў ля ног
Уладара свайго ліхога.
А цар атрутай загадаў
Насыціць стрэлы-бліскавіцы,
І разам з імі смерць паслаў
Ён на суседнія граніцы.
* Анчар — дрэва яду (заўвага А.С.Пушкіна).
1828
(Пераклад: Максім Танк)
...
|
|
|
|
|
|