МАЛЕНЬКІ КЛАЎС І ВЯЛІКІ КЛАЎС
У адной вёсцы жылі два мужыкі; абодвух звалі Клаўсамі, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькі адзін; дык вось, каб адрозніваць іх, і пачалі называць таго, у каго было чацвера коней, Вялікі Клаўс, а таго, у якога адзін, — Маленькі Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з імі адбылося; гэта ж цэлая гісторыя.
Увесь тыдзень, як ёсць, павінен быў Маленькі Клаўс араць на сваім кані поле Вялікага Клаўса. Затое той даваў яму ўсіх сваіх чатырох коней, але толькі адзін раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькі Клаўс над усёй пяцёркай, — сёння ж усе коні былі як бы яго ўласныя. Сонца свяціла, званы званілі на абедню, людзі ўсе былі так прыгожа апранутыя і ішлі з малітоўнікамі ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылі, што Маленькі Клаўс арэ на пяці конях, і ён быў вельмі задаволены, паляскваў пугай і выкрыкваў:
— Гэй вы, мае конікі!
— Не гавары так! — заўважыў яму аднойчы Вялікі Клаўс. — У цябе ўсяго адзін конь!
Але вось зноў хто-небудзь праходзіў побач, і Маленькі Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, і зноў выкрыкваў:
— Гэй вы, мае конікі!
— Сціхні зараз жа! — сказаў яму нарэшце Вялікі Клаўс. — Калі ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!
— Не буду больш! — сказаў Маленькі Клаўс. — Праўда, не буду.
Але раптам зноў нехта прайшоў побач і павітаўся з ім, а ён ад радасці, што арэ на пяці конях, зноў ляснуў пугай і закрычаў:
— Гэй вы, мае конікі!
— Вось я табе нападганяю тваіх конікаў! — сказаў Вялікі Клаўс.
Узяў ён молат, якім заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, і так стукнуў каню па галаве, што забіў яго.
...
|
|
|
|
|
|