Гісторыя сёмая
Што здарылася ў палацы Снежнай каралевы і што адбылося потым
Сценамі палаца былі завірухі, вокнамі і дзвярыма — вятры. Больш за сто залаў цягнулася тут адна за адной так, як намятала іх завіруха. Усе яны асвятляліся паўночным ззяннем, і самая вялікая распасціралася на мноства міль. Як холадна, як пустэльна было ў гэтых белых, ярка ззяючых пакоях! Весялосць ніколі не заглядвала сюды. Ніколі не праводзіліся тут мядзведжыя балі з танцамі пад музыку буры, на якіх маглі б вызначыцца зграбнасцю і ўменнем хадзіць на задніх лапах белыя мядзведзі; ніколі не гулялі ў карты са спрэчкамі і бойкай, не збіраліся паразмаўляць за кубкам кавы беленькія кумкі-лісічкі.
Холадна, пустэльна, грандыёзна! Паўночнае ззянне ўспыхвала і гарэла так размерана, што можна было дакладна разлічыць, у якую хвіліну святло ўзмацніцца, у якую пацямнее. Пасярод самай вялікай пустэльнай снежнай залы знаходзілася замёрзлае возера. Лёд патрэскаўся на ім на тысячы кавалкаў, такіх аднолькавых і правільных, што гэта здавалася, якімсьці фокусам. Пасярод возера сядзела Снежная каралева, калі бывала дома, сцвярджаючы, што сядзіць на люстэрку розуму, на яе думку, гэта было адзінае і лепшае люстэрка ў свеце.
Кай зусім ссінеў, амаль счарнеў ад холаду, але не заўважаў гэтага — пацалункі Снежнай каралевы зрабілі яго неадчувальным да холаду, ды і само сэрца яго было ўсё роўна як кавалак лёду. Кай поркаўся каля плоскіх востраканцовых ільдзін, укладваючы іх на разнастайныя лады. Ёсць такая гульня — складванне фігур з драўляных дошчачак, — якая называецца кітайскай галаваломкай. Вось Кай таксама складваў розныя забаўныя фігуры, толькі з ільдзін і гэта называлася ледзяной гульнёй розуму. У ягоных вачах гэтыя фігуры былі цудам мастацтва, а складванне іх — заняткам першараднай важнасці. Гэта здарылася таму, што ў ягоным воку сядзеў асколак чароўнага люстэрка.
Складваў ён і такія фігуры, з якіх атрымліваліся цэлыя словы, але ніяк не мог скласці таго, што яму асабліва хацелася, — слова «вечнасць». ...
|
|
|
|
|
|