Субота
— А сёння будзеш апавядаць? — спытаў Яльмар, як толькі Оле-Лукойе паклаў яго спаць.
— Сёння некалі, — адказаў Оле і раскрыў над хлопчыкам свой прыгожы парасон. — Ты вось паглядзі на гэтых кітайцаў!
Парасон быў падобны на вялікую кітайскую чашу, размаляваную блакітнымі дрэвамі і вузенькімі мосцікамі, на якіх стаялі маленькія кітайцы і ківалі галовамі.
— Сёння трэба будзе прыбраць да заўтрашняга дня ўвесь свет! — працягваў Оле. — Заўтра ж свята, нядзеля! Мне трэба пайсці на званіцу — паглядзець, ці здзьмуў вецер пыл з травы і лісця. Самая ж цяжкая работа яшчэ наперадзе: трэба зняць з неба і пералічыць усе зорачкі. Я збіраю іх у свой фартух, але ж даводзіцца нумераваць кожную зорачку і кожную дзірачку, дзе яна сядзела, каб потым размяшчаць іх на месцах, інакш яны дрэнна будуць трымацца і пасыплюцца з неба адна за адной!
— Паслухайце ж вы, пан Оле-Лукойе! — сказаў раптам партрэт, які вісеў на сцяне. — Я прадзядуля Яльмара і вельмі вам удзячны за тое, што вы расказваеце хлопчыку казкі; але вы не павінны скажаць яго паняццяў. Зоркі нельга здымаць з неба і чысціць. Зоркі — такія ж свяцілы, як наша зямля, тым яны і прыгожыя!
— Дзякуй табе, прадзядуля! — адказваў Оле-Лукойе. — Дзякуй! Ты — галава прозвішча, роданачальнік, але я ўсё-такі старэйшы за цябе! Я стары язычнік; рымляне і грэкі называлі мяне богам сноў! Я меў і маю ўваход у славуцейшыя дамы, і ведаю, як абыходзіцца і з большымі, і з меншымі! Можаш цяпер расказваць сам!
І Оле-Лукойе пайшоў, узяўшы пад пахі свой парасон.
— Ну, няўжо і нельга выказаць сваю думку! — сказаў стары партрэт.
Тут Яльмар прачнуўся.
...
|
|
|
|
|
|