Якуб Колас
Жывая вада
І
Даўно-даўно, не за нашу памяць было гэта.
Шчаслівы то быў куточак белага свету.
Вольна жылося людзям у той краіне. Ніхто іх не гнаў, ніхто іх не крыўдзіў, нікому яны не належалі. Багатая, урадлівая была іх зямля. Шырока раскінуліся іх палі, зялёныя травы сенажацей калыхаліся на ветры. Ціха і весела смяяліся кветкі, пазіраючы сваімі пахучымі галоўкамі ў раку, якая паіла ўвесь той кут і тых, хто жыў і рос там, і давала яму жыццё. Усё жыло каля ракі, гэту раку людзі называлі Жывою Вадою. Усё жывое і нежывое любіла яе, і песні волі разліваліся па ўсіх кутках шчаслівай старонкі.
Але не доўга астаецца шчасце на адным месцы. Пакінула яно і той слаўны куточак.
Нешта страшнае і незразумелае для чалавека зрабілася там. Нейкая цёмная сіла пазайздросціла шчасцю людзей.
У тым месцы, адкуль выцякала Жывая Вада, зямля стала ўспучвацца. Борзда, як грыб, вырастала гара. А Жывая Вада пачала павольна мялець і хутка зусім згінула дзесьці ў зямлі. Толькі след, дзе цякла яна, надоўга астаўся на зямлі і гаварыў людзям пра даўнейшае жыццё.
Гара ўсё расла. Праходзіў час, пусцела зямля, з гары сыпаўся жоўты пясок і засцілаў ураджайны грунт. Людзі збяднелі, птушкі разляцеліся. Не чутно ўжо было там вясёлых песень. Толькі арлы ды каршуны вілі свае гнёзды на высокай гары, што ўсмактала ў сябе Жывую Ваду.
ІІ
Бяднеў год ад году колісь багаты край. Ураджайны грунт засыпаўся пяском. Многа працавалі людзі, многа пралівалі поту, а праца іх прападала, і скупа плаціла зямля за іх работу і пакуту. Развяліся чэрві на іх агародах — некаму было зніштажаць іх, бо каршуны і ястрабы разагналі птушак.
Расказваў бацька сыну пра даўнейшае жыццё — пра багацтва іх краю, пра гару, якая глынула іх Жывую Ваду, сама стала расці, а жыццё ўсяго краю прысудзіла да маруднай смерці. Глухая злосць на праклятую гару падымалася ...
|
|
|
|
|
|