Якуб Колас
Ноч, калі папараць цвіце
Прысвячаецца Янку Купалу
Ну, з кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу. А калі гэтая мясцінка была б недаступнай для людской нагі, то па ёй пройдзе хоць думка чалавечая і ўсё ж такі пакіне свой слядок і нейкую дарожку праложыць.
Чамусьці гэтая старонка лічылася заняпалаю. І слава ўжо такая злажылася аб ёй, аб прыродзе яе і аб людзях яе. А людзі тут розныя былі. Адны жылі тут спрадвеку, тут нарадзіліся і тут паміралі. Так і называліся яны «тутэйшыя людзі». А другія часта няпрошаныя заходзілі. Але яны казалі, што прыйшлі, каб прынесці дабро тутэйшым людзям. Але, як вядома, казаць можна адно, а рабіць зусім іншае.
Усё гора тутэйшых людзей было ў тым, што пра іх вельмі многа клапаціліся суседзі. Адны суседзі казалі: «Вы — гэта не вы, а тое самае, што мы. Дык наце ж вам нашы парадкі, нашы школы, нашу мову, бо ваша мова такая ж, як і наша, толькі вы яе папсавалі». Тое самае казалі суседзі з другога боку, але толькі на свой лад.
Тутэйшыя людзі прымалі гэты клопат з вялікаю неахвотаю, бо ім хацелася быць самімі сабой. Тады суседзі пачалі забіраць іх дзяцей. Бралі і выхоўвалі ў сваіх школах. Выхоўвалі так, каб яны пакідалі сваіх бацькоў і ад бацькоўскіх звычаяў адракаліся. І гэта ім удавалася — пакідалі дзеці бацькоў сваіх ды ішлі або на захад, або на ўсход, гледзячы па тым, дзе каму было лепей. Яны рабіліся слугамі суседзяў і ўжо стыдаліся прызнаваць сябе дзецьмі тутэйшых людзей.
На шчасце тутэйшых людзей, не ўсе іх дзеці траплялі ў гэтыя школы і не ўсе яны мелі падатлівую натуру. Сярод іх сустракаліся і такія, з каго нават школы не мелі сілы выкурыць дух тутэйшых людзей, бо гэта былі шчырыя дзеці свайго народа.
Такім шчырым сынам свайго народа быў і гэты Юнак. Аб ім ужо і казка ...
|
|
|
|
|
|