Якуб Колас
Малады дубок
I
- Ну і людзі! - гаварыў сам сабе Максім Заруба. - Ну ўкраў, ну ссек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі ж ты на здзек чалавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё злачынства, гіцлю!
Максім старанна аглядаў сляды нядаўняй пакражы ў яго абходзе. Высокі, упалавіну чалавека, дубовы пень ясна вылучаўся сярод дзеравяк і свяціў сваім светла-жоўтым верхам і свежымі трэскамі вакол, а шырокая, разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так нявесела, так сумна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці. Зірнуўшы ўгару, Максім угледзеў маладую бярэзіну з абламанымі галінкамі. Гэта дуб, звалены бязлітасным тапаром, падаючы, чапіў яе сваімі моцнымі сукамі.
У лесе было ціха і маркотна, толькі ўгары стаяў глухі шум старых хвой і ялін. Высокія асіны і бярозы далучалі зрэдку і свой голас да гэтага шуму, калі часам дужэй патыхаў сыры, халодны вецер і варушыў іх голае вецце. На гэтым месцы, дзе рос дуб, мала пазначылася прастору, і маладыя высокія елкі ўжо разгарнулі свае кашлатыя зялёныя лапы і занялі месца дуба. Так і за сталом жыцця, дзе сядзіць цесная людская сям'я, не пустуе месца выхвачанага смерцю сем'яніна.
Максім трывожна азірнуўся вакол, зняў з плеч сваю старасвецкую стрэльбу і паставіў каля хвоі; дастаў з-за пояса сякеру і пачаў замятаць сляды неўпільнованага злодзея. Ён абцерабіў верхавіну, пасцягаў сукі ў гушчар, ссек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад выварат, а тое месца, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэты момант быў крыху злодзеем. Але яму больш нічога не заставалася рабіць, як прыкрыць след гэтай пакражы, каб самому не нагарэла ад ляснічага.
Скончыўшы работу, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці няма яшчэ якога знаку, па якім можна было б заўважыць, што тут украдзен дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб'...
|
|
|
|
|
|