Якуб Колас
Стары лес
Гэта быў старасвецкі лес. І былі ў ім такія пушчы і нетры, аб якіх не ведаў ніхто на свеце. Поўны месячык раз у чатыры квадры ўсплываў на сярэдзіну неба і адтуль рыхтаваўся пацікаваць, што дзеецца пад паветкаю густога вецця. Але яму лягчэй было б разглядзець, што робіцца пад страхою ў хаце чалавека, чым прабіцца праз галіны адвечных гушчараў. І сумаваў тады круглы блішчасты месячык і хаваў свой твар у светлых хмарках. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала залатыя косы і то толькі да палавіны; на самым нізе заўсёды панаваў цянёк і прохладзь. Звяры і птушкі не мелі адвагі забірацца ў нетры лесу. Там жыла адна тая Таёмнасць, што запаўняла гэтыя нетры страхам і нікому не вядомымі дзеямі.
Праз гушчары, пад павеццю зялёных голек, прабівалася бліскучая стужка халоднай вады і дзяліла пушчу на дзве часткі. Абодва берагі рэчкі былі густа заросшы старымі дрэвамі, яны прасціралі сваё галлё над рэчкаю і лучыліся адны з другімі. І лес па адзін бок рэчкі, і лес па другі яе бок, такім парадкам, быў адным лесам, і тое, што рабілася на адным беразе рэчкі, было таксама справаю лесу другога берага, — адным словам, у лесе быў адзін супольны клопат, адно жыццё.
Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і канчалася, — канчалася пышным і прыгожым возерам; вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дрэвы — дубы. У тым ланцугу вельмі важных прычын і з'яў, праз якія выніклі яшчэ важнейшыя дзеі ў гэтай пушчы, рэчка займала не апошняе месца, хоць справядлівасць вымагае сказаць, што яна і не думала займаць такога месца. І яшчэ трэба дадаць, што месцы бываюць дваякія: на адны мы самі рымсцімся, а на другія нас цягнуць, узяўшы за вушы. На гэта апошняе месца ўсцягнулі і рэчку.
Але сіла не ў гэтым. На свеце часта бывае так, што самая ...
|
|
|
|
|
|